Анатоль Сыс пакiнуў нас 4 траўня

11.05.2005 05:47

У Доме літаратара прайшло разьвітаньне з выдатным паэтам Анатолем Сысам (26 кастрычніка 1959 г., Гарошкаў Рэчыцкага р-ну – 4 траўня 2005 г., Менск). На жалобнай паніхідзе 9 траўня слова пра сябра казалі Алесь Пашкевіч, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Марачкін, Уладзімер Колас, Вінцук Вячорка, Ала Канапелька.

Сваёй галавакружна таленавітай паэзіяй ён даў пакаленьню тых, хто ўваходзіў у беларушчыну на пераломе 70-х — 80-х, доказ і надзею: Беларусь жыве й жыцьме. Хлопец з Гомельшчыны, наіўны й таму ўпэўнены, ствараў такія тэксты, як быццам ягонаю рукою вадзіў гегелеўскі дух. Вершы «З чаго пачаць» і «Пацір», якія сам Анатоль тады любіў дэклямаваць і рабіў гэта па-майстэрску, сталі для нас паэтычнымі гімнамі, а першая кніга «Агмень» (ён пачуваўся сваім у паганскім пантэоне, пры гэтым глыбока прыватна ўмовячыся з хрысьціянскім Богам) – культавай.

Анатоль шчыра й даткліва шукаў праўды, а таму вельмі натуральна й рана знайшоў для сябе Беларусь. Увайшоў у гомельскае кола нацыянальна сьведамае моладзі як адзін зь яго лідэраў. Быў актыўным удзельнікам стратэгічнае нарады прадстаўнікоў маладзёвых беларускіх арганізацыяў узімку 1984 году ў Смольні ля Мікалаеўшчыны, якую ладзіла «Група Незалежнасьць» і на якой было вырашана ствараць сетку арганізацыяў па ўсёй краіне. Так узьнікла Канфэдэрацыя беларускіх суполак, якая, у сваю чаргу, сталася галоўным арганізацыйным апірышчам Беларускага Народнага Фронту.

Анатоль Сыс перадусім быў выдатным паэтам ад Бога. Але доля не пашкадавала яму і якасьцяў трыбуна. Ён стаў адным з заснавальнікаў «Тутэйшых», першым прамовіў у адроджаны дзень Дзядоў у 1987 годзе, сваёй энэргетыкай натхняў моладзь і старэйшых пазбыцца страху.

Ён любіў па-добраму пахваліцца сваім родным Гарошкавам, ля якога археолягі знайшлі гарадзішча жалезнага веку, і ўзводзіць свой радавод да тых старадаўніх волатаў-беларусаў.

Автор: Прэс-служба БНФ