Беларусь заваявала першы мэдаль у Турыне

24.02.2006 09:30

Тое, чаго беларусы чакалі два тыдні, нарэшце здарылася – нацыянальная каманда Беларусі, як і ў часе папярэдніх алімпійскіх спаборніцтваў, здолела скокнуць у апошні вагон. Не апраўдаўшы сёньня авансавых спадзяваньняў ў біятлённай жаночай эстафэце, а ўчора – у жаночай акрабатыцы – мужчыны-фрыстайлісты пацьвердзілі свой міжнародны статус. Паводле двух фінальных скачкоў Дзьмітры Дашчынскі ўзьняўся на другую прыступку, але, як было бачна, быў крыху расчараваны вынікам: падрыхтоўка давала падставы спадзявацца на залаты мэдаль. Дзьмітры Дашчынскі ўжо быў на алімпійскім п’едэстале восем гадоў таму ў Нагана – тады ён меў трэці вынік, і сёлета дадаў у калекцыю срэбраны мэдаль. Ягоны сябра Аляксей Грышын забясьпечыў адзіную ўзнагароду беларусам на Зімовай алімпіядзе чатыры гады таму ў Солт-Лэйк-Сыці (сёньня Грышыну крыху не пашанцавала і ён быў чацьверты).

Высокія месцы беларускіх спартоўцаў у фрыстайле даюць падставу паіранізаваць наконт таго, што памяркоўныя беларусы нейкім неверагодным чынам так доўга застаюцца сярод лідэраў у адным з самых экстрэмальных відаў спорту. І сёньня ў фінальны тузін выйшлі ажно тры беларускія фрыстайлісты – акрамя Дашчынскага і Грышына, яшчэ Антон Кушнір. Такога прадстаўніцтва іншыя краіны ня мелі.

Фрыстайлісты, фактычна, ня толькі ўратавалі ад жорсткай размовы з прэзыдэнтам НАК Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнікоў беларускай алімпійскай місіі ў Турыне, але выратавалі прэстыж усяго беларускага спорту. І таксама ўмацавалі сваё фінансавае становішча. За другое месца прадугледжана ня толькі прэмія ў 30 тысячаў даляраў, але і аўтамабіль “Фольксваген Пасат” – гэты прыз забясьпечылі спонсары нацыянальнай дружыны – кампаніі “Атлант-М” і “Менскага транзытнага банку”.

Варта нагадаць, што літаральна да моманту фармаваньня каманды перад Алімпіядай кіраўніком фэдэрацыі фрыстайлу Беларусі быў цяперашні кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, якога зьнялі з гэтай пасады.

Автор: Ігар Карней, Радыё Свабода