Прэзэнтаваная новая кніга Паўла Севярынца

27.05.2005 12:16

Увечары 26 траўня ў Сядзібе Партыі БНФ была пад лёзунгам “Яны нас пракуратурай, а мы іх літаратурай” была прэзэнтаваная новая кніга Паўла Севярынца “Нацыянальная ідэя”. Кніга складаецца зь пераліку і апісаньня 200 найбольш вядомых у сьвеце фэномэнаў беларускай гісторыі, культуры, геаграфіі, спорту, а таксама асобаў. Паводле аўтара, гэта кніга ёсьць “канцэпцыя нацыянальнай ідэі”, ён прысьвяціў выданьне маладым людзям, якія інстынктыўна адчуваюць Беларусь сваёй найвялікшай каштоўнасьцю, але не могуць гэтага выказаць словамі. Каротка гэтую нацыянальную ідэю ідэю можна сфармуляваць словамі: “Беларуская форма — хрысьціянскі зьмест”. Сутнасьць у тым, што Беларусь і беларускасьць унікальна хрысьціянскія ў сваёй сутнасьці. І прааналізаваўшы вось гэтыя 200 элемэнтаў ад “Песьняроў” да БелАЗу, ад бел-чырвона-белага сьцяга да асобы Францішка Скарыны, аўтар знайшоў пацьверджаньне сваёй асноўнай тэзы — адраджэньне Беларусі можа быць зьвязанае толькі з духоўным адраджэньнем”.

“Нацыянальная ідэя” выйшла невялікім накладам некалькі сотняў асобнікаў у Латвіі. Гэта ўжо трэцяя кніга Паўла Севярынца. У 1998 годзе ён выдаў кнігу “Ды-джэі Адраджэньня”, а ў 2002 годзе пабачыла сьвет праца “Пакаленьне “Маладога фронту”.

У сваім водгуку на кнігу пісьменьнік Уладзімер Арлоў сказаў: “пасьля “Зямлі пад белымі крыламі”Уладзімера Караткевіча я ня ведаю іншай кнігі пра Беларусь, якая б была напісаная з такой любоўю, пранікнёнасьцю і верай”. Паэт Генадзь Бураўкін адзначыў: “гэтая арыгінальная аўтарская энцыкляпэдыя глыбока ўразіла мне тым, як горача любіць яе стваральнік нашу мілую Бацькаўшчыну і як шмат ужо ведае пра яе. І я быў бы шчасьлівы, каб шчырую малітву Паўла Севярынца за Беларусь пачуў і паўтарыў кожны мой зямляк, асабліва малады”. Паводле доктара гістарычных навук, прафэсара Анатоля Грыцкевіча, кніга напісана з аптымізмам і вераю ў лепшую будучыню нашай краіны”.

Автор: Прэс-служба БНФ