У Менску прэзэнтаваны збор правілаў беларускага клясычнага правапісу

25.05.2005 12:49

23 траўня ў сядзібе грамадзскага аб’яднаньня “Таварыства беларускае мовы” адбылася прэзентацыя выданьня “Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя”. Укладальнікі выданьня – працоўная група ў складзе Вінцука Вячоркі, Юрася Бушмянкова, Зьміцера Санько і Зьміцера Саўкі, якія працавалі над кнігай 10 год. Паводле В.Вячорка, шматгадовая праца дайшла да пэўнага прамежкавага выніку: клясычны правапіс у тым выглядзе, у якім ён бытуе на пераломе тысячагодзьдзяў, сёньня скадыфікаваны. Гэта прывядзе да зьмяншэньня стыхійнага разнабою так званых “рэдакцыйных” варыянтаў тарашкевіцы, стыхійна ўтвораных правапісных гібрыдаў. Праца над правапісам дазволіла выявіць сумны факт: цэлыя галіны беларускага мовазнаўства сёньня недастаткова разьвітыя. Гэта марфаналёгія складаных словаў, праблема пабочнага націску.

Гэта й асваеньне запазычаньняў. Мы ставілі задачу зафіксаваць пэўны альгарытм іхнага асваеньня. А ён зьвязаны з праблемаю цывілізацыйнае прыналежнасьці Беларусі, беларускае культуры, нашага месца на сутыку лаціна-германскай і бізантыйскай традыцыяў. Фармулюючы рэальна існыя ў моўнай практыцы правілы, мы зыходзілі зь досьведу папярэднікаў. Яны інтуітыўна адчувалі традыцыю, якая ішла з сярэднявечча: Беларусь – частка эўрапейскае, ня ўсходняе, цывілізацыі.

Ніводнага напісаньня мы ня выдумалі. ўсё ў нейкім кшталце ўжо існавала ў беларускай моўнай прасторы клясычнага правапісу”.

Паводле В.Вячоркі, клясычная правапісная традыцыя дазваляе лёгка канвэрсаваць тэкст з кірыліцы ў лацінку й наадварот. Калі мы дбаем пра адкрытасьць беларускае мовы навакольнаму сьвету, у тым ліку графічную, то клясычны правапіс у гэтым сэнсе аптымальны. Разам з тым адзін з праграмных прынцыпаў, якіх трымаліся ўкладальнікі – не адмаўляць пэрспэктывы збліжэньня двух варыянтаў правапісу.

В.Вячорка адзначыў, што праца носіць адкрыты характар і будзе зьмешчаная ў інтэрнэце.

Старшыня Таварыства беларускае мовы Алег Трусаў адзначыў, што гэта — “небывалая, гераічная праца, самы лепшы адказ для усіх тых, хто расказвае байкі пра заўчаснае скананьне беларускае мовы”. Паводле А.Трусава, выданье зробленае вельмі ўдала, ён параіў аўтарскаму калектыву зрабіць на ягонай падставе падручнік, а таксама пажадаў перавыдаваць гэты звод кожны год альбо раз на два гады з дадаткамі і дапаўненьнямі.

Паводле старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявона Баршчэўскага, з кожным тэкстам, надрукаваным у Беларусі, колькасьць матэрыялаў, створаных паводле клясычнага правапісу, павялічваецца. “Таму без зводу правілаў гэтага правапісу нармальным чынам абыходзіцца было ўжо няможна”. Ён зазначыў, што гэтым выданьнем “з большага завершаны важны этап у нармаваньні клясычнага правапісу”, але і зьвярнуў увагу ўкладальнікаў зводу на некаторыя моманты, якія падаюцца яму “надта дыскусійнымі”. Перадусім, гэта датычыць правапісу цьвёрдага і мяккага “л” у запазычаных словах.

Доктар філялягічных навук Іван Саверчанка назваў выданьне збору правілаў клясычнага правапісу “падзеяй у інтылектуальным жыцьці Беларусі, каласальнымі выселкамі нацыі”. Паводле Саверчанкі, гэтая праца будзе мець аб’ёмныя вынікі, выклікае дыскусію мовазнаўцаў, літаратараў і філосафаў ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. “Нарэшьце, гэтая кніга дапаможа зкансалідаваць патрыётаў і ўсіх грамадзянаў Беларусі вакол пытаньняў нашай духоўнай пэрспэктывы”.

Автор: Прэс-служба БНФ