Гарвыканкам і Ратуша таксама «свецяцца» радыяцыяй

06.11.2007 09:24

Ці не “свеціцца” радыяцыяй новапакладзеная тратуарная плітка ў іншых месцах Мінска акрамя плошчы Незалежнасці? Журналісты прайшліся з дазіметрам каля Нацыянальнай бібліятэкі, па плошчы Свабоды ды іншых шматлюдных месцах сталіцы. Агульны радыяцыйны фон горада ў панядзелак вагаўся ад 12 да 14 мікрарэнтген у гадзіну. Каля Нацыянальнай бібліятэкі ўзровень яго вырас да 17 мікрарэнтген. А калі дазіметр паклалі на плітку каля самой бібліятэкі, то ўзровень выпраменьвання вырас да 25 мікрарэнтген, паведамляе “Еўрарадыё”.

Наступным аб’ектам журналісцкага расследавання стала плошча Свабоды. А дакладней – тратуарная плітка каля Ратушы. Там дазіметр паказаў узровень выпраменьвання ў 31 мікрарэнтген.

Гранітная плітка, якой выкладзена падлога гандлёвага цэнтра “Сталіца”, паказала самы нізкі ўзровень радыяцыйнага выпраменьвання – 17 мікрарэнтген у гадзіну. Гэта на ярусе, які знаходзіцца бліжэй да паверхні. Затое над гандлёвым падзямеллем, побач з будынкам Мінгарвыканкаму, лічбы на дазіметры паказалі самы высокі ўзровень – 49 мікрарэнтген.

Зрабілі яшчэ адзін замер і на самой плошчы Незалежнасці. Днямі там прайшліся з дазіметрам журналісты афіцыйных СМІ і нічога не знайшлі. Так вынікала з тэксту артыкула. Хоць на размешчаным побач фотаздымку дазіметр паказваў 63 мікрарэнтгены. Дазіметр Еўрарадыё таксама паказаў блізкую да гэтага лічбу – 60 мікрарэнтген.

Як паведамлялась, першыя лабараторныя даследаванні тратуарнай пліткі па замове Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС спецыялісты Інстытута “Сосны” правялі яшчэ ў траўні. Тады ж паведамілі следчым свае высновы.

Па словах начальніцы прэс-службы МУС Кацярыны Шэлегавай-Самусенкавай, усе сабраныя матэрыялы следчыя перадалі ў Генеральную пракуратуру. Ці распачынаць па іх крымінальную справу, вырашаць будуць там.

Автор: Еўрарадыё