Беларускія студэнты спадзяюцца на Аляксандра Мілінкевіча

18.11.2005 08:34

“Прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў у новай Беларусі ня будзе”, — заявіў Аляксандар Мілінкевіч 17 лістапада ў Менску на рабочай сустрэчы са студэнтамі сталічных ВНУ. “Прымусу быць не павінна. Сёньня, кідаючы маладых спэцыялістаў на самыя нізкааплочвальныя працы, дзяржава імкнецца схаваць свае пралікі й неэфэктыўнае кіраваньне эканомікай”. На Дзень студэнта 17 лістапада Аляксандар Мілінкевіч, адзіны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў сустрэўся са студэнтамі менскіх ВНУ і прадставіў сваё бачаньне вырашэньня студэнцкіх праблемаў і пэрспэктываў разьвіцьця адукацыі ў Беларусі.

На сустрэчу з нагоды Дня студэнта Аляксандра Мілінкевіча запрасілі аўтары й наведнікі беларускага інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу www.studenty.by.

Ініцыятыву сустрэцца з адзіным прэтэндэнтам патлумачыла Вольга Кузьміч, каардынатарка www.studenty.by: “Аляксандар Мілінкевіч, дасьведчаны палітык, які да таго ж мае за плячыма 25 год выкладніцкай працы. Мы, прадстаўнікі беларускага студэнцтва, менавіта зь ім зьвязваем нашыя надзеі на вырашэньне самых актуальных студэнцкіх праблемаў”.

Студэнты перадалі Аляксандру Мілінкевічу сьпіс праблемаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэньня. Сярод іх і працаўладкаваньне моладзі і нізкія стыпэндыі, зь якіх адміністрацыі навучальных установаў часта яшчэ патрабуюць адлічэньняў на патрэбы унівэрсытэтаў альбо на будаўніцтва бібліятэкаў. Таксама, на думку студэнтаў, дзяржава павінна забясьпечыць “Права на вольны выбар навучаньня адпаведна дзяржаўнаму заканадаўству. Навучаньне на беларускай мове зьяўляецца натуральным правам любога студэнта», — адзначаецца ў сьпісе.

Студэнты выказалі спадзяваньне, што ў новай Беларусі з навучальных установаў зьнікне “адзіная й абавязковая” ідэалёгія, навучэнцы атрымаюць права на свабоду меркаваньняў. А таксама будзе дзейнічаць рэальны, а не дэкляратыўны інстытут студэнцкага самакіраваньня.

Автор: Прэс-група Штаба А.Мiлiнкевiча